Барочныя кляштары і стаянка
першабытнага чалавека, старыя дубровы і высачэзныя горы, на якія
ледзьве караскаюцца па серпанціне машыны.
Скрыгалаў—Слабада—Мазыр—Барбароў—Калінкавічы—Юравічы.
Тут
— легендарныя мясціны баёў за нашу незалежнасць беларускага генерала
Булак‑Балаховіча. Тут — край магутнай прамысловасці і некранутай
прыроды. Тут, сярод старога сасонніку, раптам можна трапіць у зарасці
жоўтых рададэндранаў, што ў траўні дурманяць водарам кветкавага
шумавіння. А можна ўбіцца і ў маршчыністыя акацыі, за якімі не ўбачыш
ужо і лесу. Гэта Мазыршчына. Раскошны ў сваёй прыродзе і гісторыі край.
Сама лепей тут у маі.
Пераехаўшы цераз Прыпяць, можна
ехаць па любой дарозе, усё адно заедзеш у Мазыр. Стоячы на якой з
тутэйшых гораў, гледзячы на неахопны позіркам шырачэзны разлог
прыпяцкае даліны, язык не павернецца назваць хараство нашага краю
«сціплым».
Мястэчка святога Макарыя
Першае
мястэчка на паўднёвым беразе — старажытны Скрыгалаў з яго кантрастамі
паміж старым мястэчкам і новым аграгарадком. Стары драўляны Скрыгалаў з
вузенькімі і выгінастымі вулкамі, вялізарнымі дрэвамі і старадаўнім
панскім паркам захоўвае непаўторную абаяльнасць.
У
гісторыю Скрыгалаў увайшоў у 1497 годзе. Тут татары забілі мітрапаліта
Макарыя, які са сваёй рэзідэнцыі ў Вільні вырашыў з’ездзіць у Кіеў.
Крымчакі адсеклі яму галаву і ступню проста перад алтаром падчас
літургіі. Цела мітрапаліта спачыла ў кіеўскай Сафіі. Пры ім былі розныя
цуды. Да сёння ў Скрыгалаве захавалася капліца, узведзеная з нагоды
400‑годдзя той драмы. Штогод пілігрымы прыязджаюць у гэтае мястэчка 14
мая на ўрачыстасці. Праўда, царква ў гонар святога Макарыя стаіць
пераробленая з калгаснага клубу, які ў свой час перарабілі з царквы.
Дарэчы, пры жыцці Макарый меў мянушку Чорт…
А на дне
Прыпяці, тут, пад Скрыгалавам, іржавее першы савецкі карабель,
патоплены яшчэ ў 1919‑м байцамі Пінскае флатыліі ў першым жа баі з
бальшавікамі.
Горад з унікальным ландшафтам
Праз
вёскі Слабада і Каменка едзем да Мазыра. Маляўнічыя ўзгоркі хвалямі
сыходзяць у неба. На Мазыршчыне — не самыя высокія горы, але самыя
глыбокія яры. Схілы над Прыпяццю месцамі надзвычай стромыя, уздыбленыя
над вадою аж на 70 метраў!
Варта зазірнуць у Казенкі, дзе
нядаўна адкрылі музей старога вясковага побыту. На вялікім двары
сабрана больш за сто старадаўнiх прыладаў працы. Некаторыя з іх зусім
унікальныя. Тут дзеіць таксама выстава Мiкалая Старавойта, слыннага
скрыпічнага майстра з вёскi Заводны Востраў.
Яшчэ адзін
музей ёсць у вёсцы Гурыны, што цяпер аграгарадок Крынічны. Мазырская
раённая карцінная галерэя, гучна званая ніяк інакш, як «Палеская
Траццякоўская галерэя», мае ў сваёй калекцыі палотны класікаў
Бараноўскага, Гоманава, Савіцкага, Малішэўскага, Ціханава.
Мазыр
абсалютна не падобны на іншыя беларускія гарады. Сюды можна ездзіць,
каб маляваць. Па‑барочнаму шматвобразны, ён проста просіцца на палатно!
Тут
ёсць і глухія завулкі між яроў, дзе, здаецца, нічога не змянілася за
апошнія гадоў дзвесце, а наверсе просты, як аловак, трамвайны шлях
знікае ў прамзоне вялікай нафты і вялікіх грошай. Грошы тут заўважныя:
бары, більярдныя клубы, рэстараны не адрозніш ад мінскіх.
Панарама з замку
Ёсць
тут і ўласны стары тэатр, 1932 году пабудовы. Мазырскі драматычны імя
Мележа — будынак у духу каланіяльнага канструктывізму. Так, Мазыр за
Сталіным, ад 1938 па 1954 г., быў абласным цэнтрам. Адпаведна, апроч
палацаў для чынавенства, у духу савецкага неаампіру тут засталіся
Універсітэт, Музей і Тэатр.
Упершыню Мазыр згадваецца ў
1155 г. у Іпацьеўскім летапісе. Гэты, хіба адзіны з усіх беларускіх
гарадоў, захапілі манголы ў 1241 г. А ў 1508 г. Мазыр спапяліла
маскоўскае нашэсце на чале з ваяводам Аўчынам‑Целяпнёвым‑Абаленскім.
Стоячы
над археалагічным раскопам на Спаскай гары, гледзячы на гару людскіх
касцей, міжволі бачыш карціну крывавае сярэдзіны ХVII стагоддзя. У 1648
годзе Мазыр захапілі казакі. Хмяльніцкі марыў уключыць Падняпроўе і
Палессе ва ўкраінскую дзяржаву. На вызваленне гораду скіраваўся гетман
Януш Радзівіл…
На замкавай гары былі пахаваныя і казакі,
і іх ахвяры… А на магілах аб’яднанне «Мазырдрэў» пабудавала пацешны
дзіцячы замак як рэкламу сваёй прадукцыі — з круглых, як аловачкі,
бярвёнаў. Крыты дэкаратыўным руберойдам «замак» выглядае камічна, але з
яго «вежаў» раскрываецца цудоўная панарама гораду, прыпяцкіх выдмаў і
недалёкіх Калінкавіч.
І пробашч, як святы Язэп
Сведкамі
часоў казаччыны стаяць муры колішняга бернардынскага кляштару, у
касцёле якога ад 1865 г. — праваслаўны Свята‑Мікалаеўскі сабор.
Вытанчаная пластыка барока кажа сама за сябе. Нібы ветразі, выгінаюцца
муры яго фасаду, разбягаюцца шыхтом пілястраў ды вокнаў. Гэта
найбольшая архітэктурная рэліквія Мазыра. На жаль, не ацалеў фарны
касцёл Ушэсця Божай Маці.
Насупраць барочнага сабору
стаіць дом‑камуна ў стылі канструктывізму… А далей сплятаюцца
забудаваныя драўлянымі хатамі вулічкі, безумоўна, вартыя трапіць у Спіс
гісторыка‑культурных каштоўнасцяў.
Пад Мазыром знойдзеныя
найбуйнейшыя у Еўропе радовішчы солі. На нафтаперапрацоўчым заводзе
вырабляюць бензін, нафтабітумы, парафін, серу… Але ў самім горадзе не
чуваць аніякі хімдым.
Разбудаваўся і славуты «Мазырдрэў»,
які цяпер на пад’ёме. Гэта бачна і па тым, колькі намаганняў
прадпрыемства прыклала, каб панявечыць старасвецкі кляштар
цыстэрцыянцаў на Кімбараўцы. Некалі, у 1711 годзе, тут, у Анёльскай
даліне, між сакавітых смарагдавых паплавоў, пры гаючых крыніцах, пад
аховаю горнага лесу, паўстала святыня. Бальшавікі ў 1928 годзе
прыстасавалі яе пад фабрыку. Зруй¬навалі тут усё, што толькі можна:
фрэскі і скульптуры, мураваную браму з барочным франтонам,
манументальную вежу. Часы савецкага вандалізму прамінулі… Але не на
«Мазырдрэве»! Літаральна два гады таму раскошны барочны фасад касцёлу
цыстэрцыянцаў з рэштамі магутных вежаў і элегантным
бабінцам‑банбаньеркаю пры ўваходзе быў па‑хамску забудаваны плотам з
сілікатнае цэглы…
З другога боку дарогі захаваўся яшчэ
адзін шыкоўны помнік — касцёл цыстэрцыянак. Адрэстаўраваны, ён стаіць
над самай Прыпяццю і глядзіцца ў воды ракі. Цяперашні пробашч парафіі
а.Тадэвуш Волас і сёння, як Святы Язэп, шчыруе тут цяслярным рыштункам.
Дарога на Барбараў
Дарога на Барбараў бяжыць праз яры‑даліны. Хто не ездзіў ёю — той не бачыў Мазыршчыны.
Мястэчка
Барбараў у маляўнічых сутоках Прыпяці і Салакучы — адно з самых
старажытных у Беларусі. Некалі тут быў вялікі замак легендарнага рыцара
Ярэмы Вішнявецкага. Пазней ён на доўгія часы стаў сядзібаю Аскеркаў. За
расійскім часам маёнтак набыў Ігнат Горват. У палацы тут, акрамя
бібліятэкі і архіву, знаходзілася багатая калекцыя жывапісу з карцінамі
Рэмбранта і Рубенса, Лампі, Бачарэлі, а таксама Ваньковіча, Дамеля,
Сухадольскага. Усё вывезлі ў Расію і Польшчу…
На стромым
беразе Прыпяці засталіся рэшты парку. А ад палацу няма і знаку. Затое
ацалеў былы замкавы роў часоў Вішнявецкага, праз які вядзе арачны мост.
Галоўная
алея парку пралягала на высокім беразе. Адсюль бачыліся рэшткі замку
Аскеркаў у Юравічах. І сёння, у поўнай цішы, можна палюбавацца
краявідамі. Юравічы і цяпер відаць з выгбы. Але, каб даехаць да іх,
трэба вярнуцца праз Мазыр і Калінкавічы.
Мост цераз Прыпяць — найбольшы ў Беларусі. Нават у самы сквар тут дзьме ветрык. Нездарма Прыпяць называюць беларускай Амазонкаю.
Тут найдаўней жыве чалавек
Калінкавічы
— яшчэ адзін райцэнтр — упершыню згадваюцца ў хроніках Вялікага Княства
Літоўскага ў 1560 г. Да Калінкавіцкага раёну належаць і Юравічы,
абсалютна ўнікальнае месца не толькі для Беларусі. Памятаеце, у Івана
Мележа: «Калі праехалі рудую грэбельку над вадавіцкім балотам, шлях
пачаў паволі ўздымацца, і неўзабаве не так ужо і далёка забялела
юравіцкая цэркаўка. Цэркаўка гэта, як звычайна, абудзіла ў Ганне чулую,
бесклапотную згадку пра маленства…
Царква, спуск з юравіцкай гары, якая здавалася высачэзнай, страхотнай, радасць, што нарэшце спусціліся…»
І
сёння тут усё тое самае, адно што грэбелька ператварылася ў асфальтавую
шашу. У маі ў бела‑ружовым шумавінні садоў тутэйшыя горы здаюцца
гіганцкімі букетамі. І на самай гары бялее храм — былы езуіцкі кляштар
з саборам.
Некалі тут перахоўваўся цудадзейны абраз Маці
Божай Юравіцкай, што цяпер знаходзіцца ў касцёле святой Барбары ў
Кракаве. Тое, што засталося ад некалі велічнага санктуарыю, мясцовыя
ўлады перадалі Тураўскай праваслаўнай епархіі. І цяпер тут дзеіць
манастыр. Ёсць і копія іконы Маці Божай у капліцы.
Можна
ў Юравічах спрачацца шмат пра што: пра вышыню гары ці шырыню ракі, але
не выпадае спрачацца, што акурат тут, на гары над паплавамі, знойдзена
самая ранняя стаянка чалавека ў Беларусі. Ёй 26 тысяч гадоў. Тут
знойдзены цэлыя могілкі мамантаў, якіх елі нашы продкі. Пазалетась тут
знайшлі фрагменты слуцкіх паясоў, летась — падмуркі старажытнага храму,
папярэдніка барочнага сабору, нешта знойдуць і сёлета — раскопкі можна
паказаць дзецям.
Тут мае паўстаць назіральная пляцоўка і археалагічны музей. На краі Герадотавага мора.
Сяргей Харэўскі
Прыпяць называюць беларускай Амазонкай. |
Барочны фасад Свята-Міхайлаўскай царквы ў Мазыры. |
Руіны царквы ў Юравічах. |
Людзі жывуць у Юравічах 26 тыс. гадоў. Гэта - парэшткі з'ездзеных імі мамантаў. |
Трэшавы драўляны помнік дружбе народаў. |
13:09, 24 красавiка 2009
|