Кіраўнікі
дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў Слоніма (Гродзенская вобл.) на
гэтым тыдні атрымалі ліст ад галоўнага рэдактара дзяржаўнай раённай
газеты «Слонімскі веснік» Марыі Данюк з просьбай аформіць на гэтае
выданне індывідуальную падпіску кожнаму супрацоўніку. «За кошт
работнікаў, прафкама альбо арганізацыі», — пазначаецца ў лісце.
Як
паведамляецца ў звароце, гэта робіцца «з мэтай выканання распараджэння
кіраўніка раёна Іосіфа Паўлюкевіча і рэалізацыі рэспубліканскай і
раённай праграм развіцця дзяржаўнай газеты “Слонімскі веснік” па
забеспячэнні падпіснога накладу на 2-гі квартал 2009 года».
Больш
за тое, да 25 сакавіка кожнаму кіраўніку дзяржустановаў неабходна
зрабіць справаздачу — пісьмова праінфармаваць ідэалагічны аддзел
райвыканкама, пералічыўшы колькасць работнікаў калектыву і колькасць
падпісчыкаў на «Слонімскі веснік».
Паводле спн. Данюк, з гэтымі звесткамі будзе азнаёмлены кіраўнік Слонімскага раёна.
Нагадаем:
літаральна на мінулым тыдні, 12 сакавіка, новапрызначаны гендырэктар
РУП “Белпошта” Юрый Комар адмовіў у распаўсюдзе праз падпіску
недзяржаўным слонімскім рэгіянальным выданням «Газета Слонімская» і «Отдушина».